Беларуская Служба

Святлана Курс: «Беларусы – бадзёрая нацыя з кепскай гісторыяй»

14.03.2025 12:57
У чацвер у Варшаве прайшла прэм’ера польскага перакладу кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». 
Аўдыё
  • У Варшаве адбылася прэм’ера польскага перакладу кнігі Евы Вежнавец
Прэм’ера польскага перакладу кнігі Евы Вежнавец у ВаршавеPolskie Radio dla Zagranicy/Y.Likhtarovich

Польская публіка мае шанец лепш пазнаёміцца з тым, чым ёсць сучасная Беларусь, праз кантакт з беларускай літаратурай, якую ўсё часцей перакладаюць і публікуюць у Польшчы. Нядаўна ўроцлаўскае выдавецтва KEW апублікавала польскі пераклад кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». У чацвер у Варшаве адбылася прэм’ера, на якой выступіла аўтарка.


Прэм’ера польскага перакладу кнігі Евы Вежнавец у Варшаве Прэм’ера польскага перакладу кнігі Евы Вежнавец у Варшаве

«Калі хаваюць шаптуху, мусіць быць сем смярцей...» пад такім дэвізам выдавецтва KEW (Калегіум Усходняй Еўропы) зладзіла ў Варшаве прэм’еру польскага перакладу (перакладчыца Малгажата Бухалік) кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Па-польску назва кнігі гучыць "O wilku mówiono w izbie". Мерапрыемства прайшло ў варшаўскім Музеі сучаснага мастацтва.

Выдавецтва прадставіла кнігу як аповед пра самую глыбокую беларускую правінцыю, як поўную сімвалізму гісторыю, у якой воўк становіцца не толькі дзікай жывёлай, але і таямнічым сведкам чалавечых страхаў, спадзяванняў і няздзейсненых жаданняў. Сама аўтарка зазначыла, што насамрэч гэта кніга беларусаў пра беларусаў.

— Я толькі кампілятарка, сабрала галасы з архіваў, з маіх запісаў, з размоваў. Гэта кніга беларусаў пра беларусаў.


Аўтарка кнігі  «Па што ідзеш, воўча?» Святлана Курс/Ева Вежнавец Аўтарка кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Святлана Курс/Ева Вежнавец

На думку Святланы Курс, беларусы – вельмі жывая і бадзёрая нацыя, толькі ім моцна не пашанцавала з гісторыяй.

— Беларусы вельмі бадзёрая ды неўгамонная нацыя, проста ў іх дрэнная гісторыя ды кепскі сусед. Беларусы – абжоры, вельмі любяць секс, любяць выпіць, шчыра кажучы, беларусы – проста ласуны. Яны хочуць жыць у сваёй краіне свабодныя ды шчаслівыя, рэалізаваць сябе ў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Таму ім гэтая кніжка падабаецца, бо ў ёй ёсць мноства авантурызму, радасці і простай ахвоты да жыцця, і здаровай зацікаўленасці жыццёвым брудам, бо ён вельмі важны для здароўя.

На думку мадэратаркі сустрэчы, варшаўскай аніматаркі культуры Юстыны Чахоўскай, кніга «Па што ідзеш, воўча?» робіць вялізарнае ўражанне, адкрывае палякам месцы, якія, здавалася б, не павінны існаваць у сучаснай тэхналагічнай цывілізацыі.

— Гэта выдатная кніга, горка-салодкая, камедыя і драма ў адным. Не ведаю, ці недзе яшчэ на свеце магла б здарыцца гісторыя, якая расказваецца ў гэтай кнізе. Гэта кніга пра сусвет, які цалкам адлучаны ад рэшты свету. Туды цяжка дабрацца транспартам. Здавалася б, такіх мясцін ужо няма, прынамсі не ў нас, на глабальнай Поўначы. Разам з тым, гэтае месца ёсць, і аўтарка нічога не прыдумала. Гэта не казка. Перад усім кніга вельмі таленавіта напісаная. Мова адначасова заварожвае, паглынае вас і гідзіць, але і смяшыць. У кнізе мноства радасных і цудоўных момантаў.


Літаратурны крытык, аніматарка культуры Юстына Чэхоўская Літаратурны крытык, аніматарка культуры Юстына Чахоўская

Прысутная на сустрэчы публіка зазначыла, што хоць у кнізе на першы погляд няма пазітыўных герояў, але агулам уся гісторыя дае надзею.

— У вашай кніжцы няма пазітыўных герояў, усе злодзеі ці проста нядобрыя людзі, і шмат негатыву, шмат непрыемных гісторый, падзелаў, разладу, але мае знаёмыя беларусы, якія працягваюць там жыць, калі пачулі, што я іду на прэм’еру польскага выдання, прасілі перадаць, што Ваша кніжка дапамагае жыць, як шмат у ёй надзеі!


старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Тацяна Нядбай старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Тацяна Нядбай

Нават ва ўмовах масавых рэпрэсій, якія не спыняе рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. За свае палітычныя погляды, адрозныя ад узурпатара, у Беларусі за кратамі знаходзяцца дзясяткі пісьменнікаў. Пра гэта нагадала палякам старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Тацяна Нядбай.

— На сёння мы маем мінімум 38 людзей слова ў няволі. Мінімум 170 чалавек са сферы культуры, якія знаходзяцца ў зняволенні. Трэба разумець, што калі мы кажам пра мінімум, - гэта наступства таго, што не ўся інфармацыя даступная. Пераважна гэтыя людзі зняволеныя за выказванне сваёй пазіцыі, меркавання наконт вынікаў скрадзеных выбараў, яны выходзілі на мірныя пратэсты. Вельмі шмат хто асуджаны па «народным артыкуле 342» за ўдзел у пратэстах. Ёсць выпадкі пераследу менавіта за літаратурную творчасць, якая сёння часта прызнаецца «экстрэмісцкай». У Беларусі сёння экстрэмізмам прызнаюць усе нелаяльныя выказванні да дзейнай улады.

"O wilku mówiono w izbie" – гэта не першы пераклад кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Ужо выйшлі нямецкі і шведскі пераклады, рыхтуецца да друку ангельскі, - распавяла пісьменніца.

— Я іх не лічыла, назаву тыя, пра якія памятаю. Гэта шведскі, нарвежскі, чэшскі, польскі, і нямецкі, вядома ж, вельмі важны нямецкі пераклад. Гэта пакуль усё. Ангельскі на падыходзе, і ёсць яшчэ адзін на еўрапейскую мову, але пра гэта мне забаранілі гаварыць.

Кніга Евы Вежнавец і шырэй сучасная беларуская літаратура – гэта феномен для цяперашняй Еўропы, - падсумавала сустрэчу вядучая Юстына Чахоўска.

— Вельмі часта – гэта геніяльная літаратура. Мы маем доступ да беларускіх кніжак. Няхай іх выдаюць не самыя буйныя выдавецтвы, якія маюць вялізарныя тыражы ды кніжкі ў вітрынах. Але я ніколі не расчаравалася пасля знаёмства з беларускай кніжкай. На маю думку, беларускія пісьменнікі маюць тое, што на Захадзе паволі губляюць. Тут менш клопату пра тэхніку і пра тое, як мае быць напісана, але застаецца дух, крыніца, што бурліць, як у Евы.

Беларуская проза і паэзія – гэта літаратура найвышэйшага ўзроўню, - зазначыла польская экспертка і выказала пажаданне, каб было больш польскіх перакладаў беларускіх мастацкіх твораў.

Юры Ліхтаровіч